- 1. Псальма Асафава. Божа! язычнікі прыйшлі ў спадчыну Тваю; апаганілі сьвяты храм Твой; Ерусалім ператварылі ў руіны;
- 2. трупы рабоў Тваіх аддалі на поед птушкам нябесным, целы сьвятых Тваіх зьвярам зямным;
- 3. пралілі кроў іхнюю, як ваду, вакол Ерусаліма, і ня было каму іх пахаваць.
- 4. Мы зрабіліся пасьмешышчам у суседзяў нашых, ганьбаю і сараматою тых, хто вакол нас.
- 5. Дакуль, Госпадзе, не перастанеш гневацца, будзе рэўнасьць Твая палаць, як вагонь?
- 6. Вылі гнеў Твой на народы, якія Цябе ня ведаюць, і на царствы, якія імя Твайго не заклікаюць,
- 7. бо яны пажэрлі Якава, і селішча ягонае спустошылі.
- 8. Не спамяні нам грахоў нашых продкаў; хай неўзабаве запабегнуць нас шчадроты Твае; бо мы зусім аслаблі.
- 9. Памажы нам, Божа, Збаўца наш, дзеля славы імя Твайго; вызвалі нас, і даруй нам грахі нашыя дзеля імя Твайго.
- 10. Навошта казаць язычнікам: "дзе Бог іхні?" Хай стане вядомая сярод язычнікаў перад вачыма нашымі помста за пралітую кроў рабоў Тваіх.
- 11. Хай прыйдзе прад аблічча Тваё стогн вязьня; магутнасьцю сілы Тваёй захавай асуджаных на сьмерць.
- 12. Сем разоў вярні суседзям нашым у нетры іхнія кляцьбу, якою яны Цябе, Госпадзе, пракліналі.
- 13. А мы, народ Твой і Тваёй пашы авечкі, вечна славіць будзем Цябе, і род у род узносіць славу Табе.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 78