- 1. Кіроўцу хору Ідутумавага. Псальма Асафава.
- 2. Голас мой да Бога, і я буду клікаць; голас мой да Бога, і Ён пачуе мяне.
- 3. У дзень скрухі маёй шукаю Госпада; рука мая працягнута ўначы, і не апускаецца; душа мая ня хоча суцешанай быць.
- 4. Пра Бога згадваю, і дрыжу; разважаю, і зьнемагае мой дух.
- 5. Ты не даеш мне вачэй маіх зьмежыць; я ашаломлены, і не магу гаварыць.
- 6. Разважаю пра даўнія дні, пра гады пракаветныя;
- 7. узгадваю песьні мае начныя, гутару з сэрцам маім, і выпрабоўвае дух мой:
- 8. няўжо назаўсёды адкінуў, Гасподзь, і ня будзе больш дабраволіць?
- 9. няўжо назаўсёды міласьць Яго перастала быць, і спынілася слова Ягонае з роду ў род?
- 10. няўжо Бог забыўся мілаваць? няўжо ў гневе спыніў шчадроты Свае?
- 11. І сказаў я: вось гора маё - перамена правіцы Ўсявышняга.
- 12. Буду ўспамінаць пра дзеі Гасподнія! буду ўспамінаць пра даўнія цуды Твае.
- 13. Буду ў кожны Твой чын заглыбляцца, разважаць пра вялікія дзеі Твае.
- 14. Божа! сьвятая дарога Твая. Які Бог такі вялікі, як Бог наш!
- 15. Ты - Бог, Які творыць цуды; Ты паказаў магутнасьць Сваю сярод народаў;
- 16. Ты вызваліў народ Твой рукою сыноў Якава і Язэпа.
- 17. Бачылі Цябе, Божа, воды, бачылі Цябе воды, і напалохаліся, і скалануліся бездані.
- 18. Аблокі вылівалі воды, хмары аддавалі гром, і лёталі стрэлы Твае.
- 19. Голас грому Твайго ў коле нябесным; маланкі асьвятлялі сьвет; зямля трэслася і скаланалася.
- 20. Шлях Твой у моры, і сьцежка Твая ў водах вялікіх, і сьляды Твае невядомыя.
- 21. Як статак, вёў Ты народ Твой рукою Майсея і Аарона.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 76